ANNUAL REDISTRIBUTION OF PEASANT HAYFIELDS IN BELARUS IN THE XIX-XX CENTURIES
Abstract
The redistribution of hayfields is a distinctive feature of traditional society, whichwas preserved in Belarus until the 20th century. Every year the community divided agricultural landamong all peasants. The article highlights the specific conditions of redistribution of hay lands of theBelarusian peasantry in the period of the Russian Empire on the basis of August von Haxthausen'sdescription contained in the study “Studies of the internal relations of folk life and especially ruralinstitutions in Russia”, prepared as a result of his journey around the Russian Empire in 1843-1844.It also presents examples of how portions of collective farm hay were allocated to the needs ofcollective farmers during the Soviet period.
Full text
19 УДК 633.2.031:332.54:342.542.5«18/19» https://doi.org/10.5281/zenodo.17097934 А. А. Макарчык Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Мінск, Беларусь ШТОГАДОВЫ ПЕРАДЗЕЛ СЯЛЯНСКІХ СЕНАКОСНЫХ УГОДДЗЯЎ НА БЕЛАРУСІ Ў ХІХ–ХХ СТСТ. Анатацыя. Перадзел сенакосных угоддзяў з’яўляецца характэрнай рысай традыцыйнага грамадства, які захаваўся на Беларусі да ХХ ст. Кожны год грамада дзяліла сельскагаспадарчыя ўгоддзі паміж усімі сялянамі. У артыкуле канкрэтныя ўмовы перадзелу сенакосных угоддзяў беларускага сялянства ў часы Расійскай імперыі асвятляюцца на падставе апісання Аўгуста фон Гакстгаўзена, змешчанага ў даследванні “Исследования внутренних отношений народной жизни и в особенности сельских учреждений в России”, падрыхтаванага па выніках здзейсненнага ў 1843–1844 гг. падарожжа па Расійскай імперыі. Прадстаўлены таксама прыклады, як адбывалася выдзяленне частак калгаснага сенакосу на патрэбы калгаснікам у савецкі перыяд. Ключавыя словы: беларускае сялянства, сялянская грамада, перадзел сенакосу, Аўгуст фон Гакстгаўзэн (August von Haxthausen), традыцыйнае грамадства, аграрныя адносіны, калгаснае землекарыстанне. Для цытавання. Макарчык, А. А. Штогадовы перадзел сялянскіх сенакосных угоддзяў на Беларусі ў ХІХ–ХХ стст. / А. А. Макарчык // Сельское хозяйство Беларуси сквозь призму научных исследований : докл. III Междунар. науч. конф., приуроч. к 80-летию Победы в Великой Отечеств. войне, Минск, 26 сент. 2025 г. / Нац. акад. наук Беларуси, Белорус. с.-х. бка им. И. С. Лупиновича, Ин-т истории ; редкол.: Ю. О. Каракулько (отв. ред.) [и др.]. – Минск, 2025. – С. 19–26. А. А. Макарчик Белорусский государственный музей народной архитектуры и быта, Минск, Беларусь ЕЖЕГОДНЫЙ ПЕРЕДЕЛ КРЕСТЬЯНСКИХ СЕНОКОСОВ В БЕЛАРУСИ В XIX–XX ВВ. Аннотация. Передел сенокосов – характерная черта традиционного общества, сохранившегося в Беларуси до XX века. Ежегодно община делила сельскохозяйственную землю между всеми крестьянами. В статье конкретные условия передела сенокосных земель белорусского крестьянства в период Российской империи освещаются на основе описания Августа фон Гакстхаузена, содержащегося в исследовании «Исследования внутренних отношений народной жизни и в особенности сельских учреждений в России», подготовленного по результатам путешествия по Российской Империи в 1843–1844 гг. Также представлены примеры того, как части колхозного сена выделялись на нужды колхозников в советский период. Ключевые слова: белорусское крестьянство, крестьянское общество, передел сенокосов, Август фон Гакстхаузен, традиционное общество, аграрные отношения, колхозное землепользование. Aliaksandr A. Makarchyk The Belarusian State Museum of Folk Architecture and Rural Lifestyle, Minsk, Belarus
20 ANNUAL REDISTRIBUTION OF PEASANT HAYFIELDS IN BELARUS IN THE XIX-XX CENTURIES Abstract. The redistribution of hayfields is a distinctive feature of traditional society, which was preserved in Belarus until the 20th century. Every year the community divided agricultural land among all peasants. The article highlights the specific conditions of redistribution of hay lands of the Belarusian peasantry in the period of the Russian Empire on the basis of August von Haxthausen's description contained in the study “Studies of the internal relations of folk life and especially rural institutions in Russia”, prepared as a result of his journey around the Russian Empire in 1843-1844. It also presents examples of how portions of collective farm hay were allocated to the needs of collective farmers during the Soviet period. Keywords: Belarusian peasantry, peasant society, redistribution of hayfields, August von Haxthausen, traditional society, agrarian relations, collective farm land use. For citation. Makarchyk A. A. Annual redistribution of peasant hayfields in Belarus in the XIX-XX centuries. Agriculture of Belarus through the prism of scientific research : proceedings of the III International scientific conference dedicated to the 80th anniversary of the Victory in the Great Patriotic War, Minsk, September 26, 2025. Minsk, 2025, pp. 19–26 (in Belarusian). З часоў першабытнага ладу грамада ўяўляла сабой першую форму сацыяльнай арганізацыі людзей. Спачатку гэта была крэўнасваяцкая грамада, на змену якой прыйшла суседская, асаблівасцю якой стаў перадзел зямельных і сенакосных угоддзяў. У Заходняй Еўропе гэта традыцыя паступова знікла ў перыяд феадалізму. Сярод славянскага насельніцтва Усходняй Еуропы перадзел зямельных і сенакосных угоддзяў захаваўся да пачатку ХХ ст. і часткова працягваўся ўвесь савецкі перыяд. Землі Беларусі ў адносінах перадзелу зямельных і сенакосных угоддзяў аказаліся ў пераходным становішчы. На захадзе і ў цэнтры Беларусі перадзел зямельных участкаў паступова знікаў, на змену яму прыходзіла падворнае землекарыстанне. Асабліва паспрыяла гэтаму аграрная рэформа “Устава на валокі” 1557 г. У пачатку ХІХ ст. на ўказаных землях перадзел не існаваў. А на ўсходніх землях Беларусі, якія прымыкалі да Расіі, перадзел зямельных участкаў існаваў да пачатку ХХ ст. У пачатку 1920-х гадоў на тэрыторыі Беларусі перадзел зямлі ўжо не адзначаўся [1, c. 23]. Традыцыя перадзелу сенакосаў у Беларусі існавала паўсюдна і дайшла да ХХ ст. Яна захавалася нават у савецкі час, нягледзячы на тое, што калгасная практыка змагалася з любымі “прыватнаўласніцкімі” праявамі сялянства. У савецкі перыяд даследчыкамі гісторыі не асвятляўся такі важны і цікавы бок жыцця сялянскай зямельнай грамады, як перадзел зямлі, бо ён пярэчыў сцвярджэнню аб значнай маёмаснай дыферэнцыяцыі сялянства. Гэта магло прывесці да думкі аб тым,
21 што сялянская грамада паспрыяла ўстанаўленню калгаснага ладу. Невыпадкова некаторыя даследчыкі, напрыклад, С. М. Дуброўскі, спецыяльна падкрэслівалі: “Ни в коем случае нельзя говорить, что будто бы община явилась основой для перехода к социализму” [2, с. 195]. Перадзел зямельных угоддзяў з’яўляецца даволі вялікай тэмай, таму спынімся толькі на перадзеле сенакосных угоддзяў. Галоўная прычына перадзелу выходзіла з самой сутнасці сялянскай грамады, у якой усе члены павінны быць роўнымі паміж сабой і юрыдычна, і эканамічна. Маёмасная роўнасць была важнейшым фактарам. Таму грамада моцна трымалася за так званую “старыну”, гэта значыць за традыцыі перадзелу, якія паходзілі з глыбокай старажытнасці. Таксама перадзел тлумачыўся аб’ектыўнымі фактарамі: якасць натуральных сенакосаў залежыла ў значнай ступені ад умоў надвор’я і адлегласці ад вёскі. Напрыклад, у даждлівае лета ўчасткі сенакосу ў нізінах затапляліся вадой, а на ўзвышшы сакавітая трава расла густой і высокай, і наадварот – у засушлівае лета. Перавагу мелі тыя сяляне, каму даставаліся ўчасткі побач з вёскай. Перашкаджалі сенакосу і кратовыя горкі, якіх было шмат на незатапляльных вадой месцах. Таму для справядлівасці кожны год ладзіўся поўны перадзел сенакосаў паміж усімі, без выключэння, членамі сялянскай грамады. Перадзел тычыўся толькі сенакосаў, якія ў сілу даўнасці (“старыны”) былі замацаваны за сялянскай грамадой. У першай палове ХІХ ст. “в среднем помещичьи сенокосы составляли не менее 30% всех сенокосов…Найбольший размер помещичьи сенокосы достигали в Гродненской и Минской губерниях, в первой из них в подавляющем большинстве имений (главным образом крупных и средних) сенокосы помещика составляли 45–55% всех сенокосных земель” [3, с. 16]. Для таго, каб зразумець, наколькі цяжкая была задача для селяніна даіндустрыяльнай эпохі падзяліць вялікую плошчу сенакосу на роўныя ўчасткі, неабходна звярнуцца да разгляду яго арыфметычных магчымасцей. У сялян, як адзначыў С. В. Міронаў: “Абстрактное мышление слабо развито, индивид может оперировать информацией, почерпнутой почти исключительно из своего жизненного опыта и в рамках этого опыта” [4, с. 1047]. Таму арыфметычныя дзеянні, нават самыя простыя, выклікалі цяжкасці ў
22 селяніна. Жанчыны за рэдкім выключэннем лічылі на пальцах і да дзесяці. Але непісьменныя сяляне стараліся прыстасавацца да патрабаванняў часу і знаходзілі выйсце. А. Н. Энгельгардт (1832– 1893) у сваіх “Письмах из деревни” распавядае: “Иван грамоте не знает, писать не умеет, а между тем он заведует амбарами, принимает и отпускает хлеб, сало, масло, крупу, жмыхи, считает летом сено, навоз, снопы и пр. и пр… Все свои счёты Иван отмечал, зарезывая прежде на бирках, то есть четырохгранных палочках, которые у него имелись отдельные для каждого предмета…” [Цыт. па: 4, с. 1048–1049]. Вядома, такі спосаб уліку мог выкарыстоўвацца толькі на кароткі тэрмін. Цяпер уявіце сітуацыю, што сялянская грамада мела некалькі сенакосных угоддзяў складанай геаметрычнай формы, пасярод якіх былі азёрцы і балотцы, хмызнякі і дрэвы. (Гісторык Мікола Улашчык успамінае, што ў іх краях участак сенажаці называўся “Штаны”, і ён сваёй формай сапраўды нагадваў штаны [5, с. 38–39]). Да таго ж, трава па якасці на розных участках адрознівалася, прычым даволі значна. Усё гэта трэба было па магчымасці ўлічыць і падзяліць на аднолькавыя участкі, колькасць якіх магла быць да ста і нават болей. Для непісьменных сялян, якія ў большасці сваёй не ведалі дзяржаўных вымярэнняў, задача была архіскладаная. Цікавая заўвага ў сур’ёзным навуковым апісанні нямецкага падарожніка Аўгуста фон Гакстгаўзена дае адказ на пытанне, як сялянская грамада дзяліла сенакос. Аўгуст фон Гакстгаўзэн (August von Haxthausen, 1792–1866) , нямецкі вучоны і падарожнік, яскравая і неардынарная асоба ў гісторыі ХІХ ст. Яго імя як даследчыка аграрных адносін добра вядома ў навуцы. У 1843–1844 гг. ён здзейсніў падарожжа па Расійскай імперыі і выдаў трохтомнае сачыненне “Studien über die innerlichen Verhaeltnisse des Volksleben und insbesondere die läendlichen Einrichtungen Russlands”. Першыя два тамы выйшлі на нямецкай мове ў 1847 г., трэці том – у 1852 г. У хуткім часе з’явіўся французскі варыянт. Паколькі Гакстгаўзен крытыкаваў прыгонны стан і недасканаласць эканомікі Расіі, таму на рускай мове пэўны час яго праца не выдавалася. Толькі ў 1870 годзе выйшлі два першыя тамы адной кнігай пад назвай “Исследования внутренних отношений народной жизни и в особенности сельских учреждений в России” [6]. Трэці том “Studien” нa рускую мову не перакладаўся.
23 Выхад з друку даследавання Аўгуста фон Гакстгаўзена стаў важнай падзеяй не толькі для замежнага чытача, але і для рускага, асабліва для ліберальна настроенай часткі грамадства. Дастаткова спаслацца на выказванні У. І. Леніна і К. Маркса. У. І. Ленін наогул назваў Аўгуста фон Гакстгаўзена першым даследчыкам, які адкрыў свету рускую сялянскую грамаду [7, с. 407]. Карл Маркс у лісце ў рэдакцыю часопіса “Отечественные записки”, маючы на ўвазе А. І. Герцэна, заўважыў з іроніяй, што апошні “открыл русскую общину не в России, а в книге прусского регирунгсрата Гакстгаузена” [8, с. 116]. Такую высокую ацэнку сачыненне Аўгуста фон Гакстгаўзена атрымала за багацце фактычнага матэрыялу гаспадарчага, культурнага, побытавага характару. Не будзе перабольшваннем сказаць, што гэта было першае маштабнае і кампетэнтнае навуковае даследаванне Расіі і рускага народа. Аўгуст фон Гакстгаўзен апісаў не толькі рускі народ, але і ўкраінцаў, фінаўгорскія і цюрскія народы, землі якіх наведваў. З нямецкай грунтоўнасцю і дасканаласцю ён апісаў раскольнікаў, іх секты і разгалінаванні. Шкада, што Беларусь Аўгуст фон Гакстгаўзен не наведваў. Інфармацыя аб Беларусі і Літве з’яўляецца эпізадычна і часцей у якасці параўнання з іншымі землямі. Але нягледзячы на гэта, часам сустракаецца надзвычай важная інфармацыя. Вось як апісвае Аўгуст фон Гакстгаўзен падзел сенакосу на дзялянкі: “Белоруссы в деревнях близ местечка Усвята в Велижском уезде Витебской губернии, поступают таким образом: деревня делится на 2 половины, и каждая половина выбирает от себя по одному человеку, которым поручает делёж сенокосов. Эти двое выборные обхаживают все покосы деревни, осматривают их, наконец один из них, без малейшего вмешательства другого, делит все покосы на 2 части и другой выбирает любую их них. Затем каждая половина крестьян делится опять на 2 части, выбирающая по одному человеку от себя, и опять один делит, другой выбирает любую половину и т.д. Такой делёж называтся у них любки” [9, с. 346]. Тут неабходны каментарый. Той чалавек ад сялянскай грамады, які дзеліць сенакос на дзве паловы, стараецца максімальна правільна правесці падзел, бо ён не ведае, якая палова дастанецца яму. Выбіраць будзе другі чалавек, і калі той убачыць, што сенакос падзелены нераўнамерна, то абавязкова выбера лепшую палову сенакосу.
24 Другі спосаб падзелу сена – натурай, які апісвае Аўгуст фон Гакстгаўзен: “Ещё интереснее делёж покосов в селе Покровском, Покровского уезда Владимирской губернии. Там крестьяне делят между собою покосы, принимая в расчёт не то, чтобы пришлось на душу по равному количеству сена, а чтобы на каждого работника приходилось равное количество труда. Затем скошенное сено делят между собой натурой, возами” [9, с. 346–347]. Шкада, што пры апісанні гэтага спосабу падзелу, Аўгуст фон Гакстгаўзен не раскрывае падрабязнасці. З апісання бачна, што існавалі два спосабы перадзелу сенакосу: перадзел плошчы і дзяльба гатовага сена вазамі. У другім выпадку ўзнікалі пэўныя цяжкасці. За кожным селянінам (а іх было некалькі дзясяткаў) неабходна весці ўлік часу працы і вылічваць колькасць вазоў, яму прызначаных. Пададзеная Аўгустам фон Гакстгаўзенам інфармацыя аб перадзеле сенакосных угоддзяў даволі цікавая, асабліва аб першым спосабе. Толькі народная мудрасць змагла выпрацаваць такі, безумоўна, арыгінальны, справядлівы, непадкупны спосаб перадзелу. Апасля ўборкі ўгоддзі выкарыстоўваліся для выгану свойскай жывёлы. Таму прызначаную дзялянку сенакосу неабхобна было скасіць і звесці сена да канкрэтнага тэрміну. Другі або трэці ўкос сена на Беларусі амаль не праводзіўся. На некаторых сенакосных угоддзях пад восень, дзе мала пасвіўся статак свойскай жывёлы, вырастала невысокая і рэдкая трава, якая называлася атава. Яе касілі пры вострай неабходносці без усялякага кантролю з боку грамады. Укос быў нязначны. Калі характарызаваць практыку надзялення сенакосамі сялян у савецкі перыяд, то няправільна будзе сказаць, што сяляне дзялілі сенакосныя ўгоддзі. Усе сенакосы належалі дзяржаве. Калгас выдзяляў селяніну невялікі ўчастак, на якім можна было нарыхтаваць максімум восем ці дзевяць вазоў сена. Такой колькасцю сена можна было карміць на працягу года адну карову і цялушку. У большасці сялян укос складаў 5–7 вазоў сена за лета: акурат для адной каровы. Сабраныя ўласна аўтарам звесткі сучаснікаў сведчаць, як адбываўся падзел сенакосу ў 50–80 гг. ХХ ст. у першай брыгадзе калгаса “Вялікі Кастрычнік” Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. Пры першым сенакосе з дапамогай палявога цыркуля праводзіліся 3 лініі па 100 метраў шырынёй кожная. Лінія разбівалася на аднолькавыя ўчасткі па 20 сотак, гэта
25 значыць даўжыня ўчастка была 100 метраў, а шырыня 20 метраў. У зямлю ўтыкалі калок або проста галінкі з надпісаным нумарам участка. Прычым, калі на лініі былі хмызнякі, балота або нават невялікае азярцо, то гэтую перашкоду не абыходзілі, а ўключалі ва ўчастак. Затым праводзілася жараб’ёўка, пры якой усе калгаснікі цягнулі з шапкі папяровыя квіткі з нумарам участка. Таму было невядома, хто ў каго будзе суседам па сенакосе. Калі каму-небудзь трапляў вельмі кепскі выбар, напрыклад, значную частку сенакосу займала балота ці возера, то адказны за размеркаванне ўчасткаў надзяляў няўдачніка яшчэ сенакосам у іншым месцы, гэта значыць даваў яму яшчэ сотак пяць або дзесяць. Вядома, што падобнае дадатковае надзяленне суправаджалася спрэчкамі, бо памер дадатковага сенакосу быў абмежаваны, а незадаволеных заўсёды было шмат. Пры другой чарзе выдзялялі сенакос у адпаведнасці з колькасцю працадзён, налічаных калгасніку на працягу года. Дадавалі сенакос і за здадзенае дзяржаве малако, за праполку і ўборку буракоў, кармавых ці цукровых. У каго дадаткова атрымлівалася трыццаць сотак, у каго толькі дзесяць. Пры такім надзяленні ўчасткі ішлі па спісе, гэта значыць па чарзе, ад аднаго двара да другога. Як і раней, у зямлю ўтыкалі калкі або галінкі, але ўжо з надпісаным прозвішчам калгасніка. Калі былі незадаволеныя тым, што дастаўся кепскі ўчастак, стараліся дадаць сотак пяць, а то і болей дзесьці ў кутку сенакосу. Сам падзел сенакосу на ўчасткі патрабаваў спрыту. Патрэбна было роўна правесці мяжу на сенакосе. Для гэтага адзін касец станавіўся з паднятай касой у адным канцы ўчастка, а другі касец з другога канца рухаўся яму насустрач. Той касец, які рухаўся насустрач першаму касцу, не павінен быў глядзець сабе пад ногі, а толькі пазіраў на метку, гэта значыць на першага касца з паднятай касой, і такім чынам таптаў мяжу ў траве. Атрымлівалася роўная стомятровая сцежка, якая і служыла мяжой. Такім чынам, перадзел сенакосных угоддзяў быў важнай часткай жыцця беларускага сялянства. Штогадовы перадзел існаваў на працягу стагоддзяў, пры гэтым яго непасрэднае ажыццяўленне не было аднолькавым, а мела рэгіянальныя адметнасці і абумоўлівалася асаблівасцямі аграрных адносін у розныя гістарычныя перыяды.
26 Спіс выкарыстаных крыніц: 1. Ходзін, С. М. Нацыянальныя традыцыі як фактар развіцця мадэрнізацыйных працэсаў у Беларусі ў 1920-я гг. / С. М. Ходзін // Фарміраванне беларускай дзяржаўнасці ва ўмовах геапалітычных зрухаў ХХ ст. : матэрыялы міжнар. навук. канф., Мінск, 29–30 ліст. 2018 г. / Беларус. дзярж. ун-т ; рэдкал.: А. Д. Кароль [і інш.]. – Мінск, 2018. – С. 20–27. 2. Дубровский, С. М. Сельское хозяйство и крестьянство России в период империализма / С. М. Дубровский. – М. : Наука, 1975. – 398 с. 3. Чепко, В. В. Сельское хозяйство Белоруссии в первой половине ХІХ века / В. В. Чепко. – Минск : Наука и техника, 1966. – 220 с. 4. Миронов, Б. Н. Познавательные способности русских крестьян доиндустриальной эпохи / Б. Н. Миронов // Вестник Санкт-Петербургского университета. История. – 2018. – Т. 63, № 4. – С. 1047–1081. https://doi.org/10.21638/11701/spbu02.2018.405 5. Улашчык, М. М. Была такая вёска : гіст.-этнагр. нарыс / М. М. Улашчык. – Мінск : Мастац. літ., 1989. – 174 с. 6. Авдеева, О. А. Август фон Гакстгаузен и его труды о России, 40-е - 60-е годы XIX века : дис. ... канд. ист. наук : 07.00.00 / Авдеева Оксана Александровна ; Моск. гос. ун-т. – М., 1998. – 175 с. 7. Ленин, В. И. Полное собрание сочинений : в 55 т. / В. И. Ленин ; Ин-т марксизмаленинизма при ЦК КПСС. – Изд. 5-е. – М. : Изд-во полит. лит., 1967–1975. – Т. 1 : 1893–1894. – 1967. – 662 с. 8. Маркс, К. Письмо в редакцию «Отечественных записок» / К. Маркс // Сочинения / К. Маркс, Ф. Энгельс. – Изд. 2-е. – М., 1961. – Т. 19. – С. 116–121. 9. Гакстгаузен, А. фон. Исследования внутренних отношений народной жизни и в особенности сельских учреждений России / А. Гакстгаузен ; пер. с нем. и изд. Л. И. Рагозин. – М., 1870. – Т. 1. – XXII, 490 с References: 1. Khodzin S. M. National traditions as a factor in the development of modernization processes in Belarus in the 1920s. Farmіravanne belaruskai dzyarzhaunastsі va umovakh geapalіtychnykh zrukhau XX st.: materyyaly mіzhnarodnai navukovai kanferentsyi, Mіnsk, 29–30 lіstapada 2018 g. [Formation of Belarusian statehood in the context of geopolitical shifts of the twentieth century: proceedings of the international scientific conference, Minsk, November 29–30, 2018]. Minsk, 2018, pp. 20–27 (in Belarusian). 2. Dubrovskii S. M. Russian agriculture and peasantry in the period of imperialism. Moscow, Nauka Publ., 1975. 398 p. (in Russian). 3. Chepko V. V. Agriculture of Belarus in the first half of the 19th century. Minsk, Nauka i tekhnika Publ., 1966. 220 p. (in Russian). 4. Mironov B. N. Intellectual abilities of Russian peasants of the pre-industrial era. Vestnik Sankt-Peterburgskogo universiteta. Istoriya = Vestnik of Saint Petersburg University. History, 2018, vol. 63, no. 4, pp. 1047–1081 (in Russian). https://doi.org/10.21638/11701/spbu02.2018.405 5. Ulashchik M. M. There was such a village: a historical and ethnographic essay. Minsk, Mastatskaya litaratura Publ., 1989. 174 p. (in Belarusian). 6. Avdeeva O. A. August von Haxthausen and his writings on Russia, the 40s-60s of the 19th century. Ph.D. Thesis. Moscow, 1998. 175 p. (in Russian). 7. Lenin V. I. Complete works: in 55 volumes. Vol. 1: 1893–1894. 5th ed. Moscow, Political Literature Publishing House, 1967. 662 p. (in Russian). 8. Marx K. Letter to the editorial board of "Fatherland Notes". Works of K. Marx and F. Engels. Vol. 19. 2nd ed. Moscow, 1961, pp. 116–121 (in Russian). 9. Haxthausen A. von. Studien über die innern Zustände, das Volksleben und insbesondere die ländlichen Einrichtungen Russlands. Bd. 1. Hannover, Hahn'schen Buchhandlung, 1847. XX, 492 p. (in German). Дата паступлення артыкула 11.08.2025 Received 11.08.2025